У Бельску Падляшскім ушанавалі памяць закатаваных вазакоў (абноўлена)



73-ю гадавіну забойства 30 вазакоў ў лесе ля Пухалаў Старых адзначылі ў Пакроўскай царкве і ля помніка-магілы ў Бельску Падляшскім.

Малебен у гонар святых мучанікаў падляшскіх і холмскіх адслужыў айцец Ян Шмыдкі:

– Мы адслужылі малебен на гэтым месцы, дзе знайшлі спачын іх парэшткі.

Славамір Назарук:

– Гэты вянок ад Форума меншасці Падляшша і ад мяне, як раднага Сойміка Падляшскага ваяводства. Трэба, каб кожны год мы тут збіраліся. Каб мы памяталі пра людзей, якія для нас сталі  пакутнікамі.

– У Бельску – царкоўная традыцыя адзначаць гадавіну забойства вазакоў. Цяжка прыдумаць лепшую памяць, чым малітва.

– Будзем думаць пра тое, каб у нас на ўроках гісторыі настаўнікі расказвалі пра гісторыю нашай малой Айчыны. Бо пра гэта ніхто не раскажа на агульных уроках гісторыі.

Ушанавалі памяць забойства бязвінных у лесе ля Пухалаў Старых прадстаўнікі бельскага самакіравання – бургамістр Яраслаў Бароўскі і віцэ-стараста павету  Пятро Бажко. З Беластока з вянком ад Форума меншасці Падляшша прыехаў радны Сойміка Славамір Назарук. Традыцыйна ўжо на ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі падляшскіх структураў партыі Разам, вянок памяці быў таксама ўскладзены ад пасла Падляшскай зямлі Роберта Тышкевіча.

[Not a valid template]

* * * 

У Бельску Падляшскім сёння адзначаць 73-ю гадавіну забойства 30 вазакоў, закатаваных ў лесе каля Пухалаў Старых аддзелам польскага антыкамуністычнага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”. Ушанаванне памяці пачнецца малітвай у Свята-Пакроўскай царкве ў 9 гадзін раніцы. Затым пройдзе ўскладанне вянкоў ля помніка магілы вазакоў, які знаходзіцца на ваенных могілках у Бельску. Гаворыць бургамістр горада Яраслаў Бароўскі:

Я напэўна буду браць удзел у гэтых урачыстасцях ад свайго імя як бургамістра горада. Будуць ускладзены кветкі, каб не забыць пра гісторыю, якая баліць і напэўна будзе яшчэ доўга балець тым людзям, якія тут жывуць. У нашым горадзе заўсёды гэта былі рэлігійныя ўрачыстасці, ніколі не мелі яны афіцыйнага характару.

Пакуль яшчэ ўрачыстасці ўшанавання памяці загінулых вазакоў і ўсіх ахвяр крывавага рэйду Бурага ў Бельску Падляшскім праходзяць на неафіцыйным ўзроўні, па ініцыятыве віцэстаршыні гарадской рады Тамаша Сулімы.

У гэтым годзе ўшанаванне памяці загінулых суправаджае і адмысловая выстава “Наша памяць”. 31 студзеня яе можна будзе паглядзець у бары «Анна» ў Бельску Падляшскім.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя