У Бельску Падляшскім з’явіцца гарадскі фантан



Пабудова гарадскага фантану ў скверы Ізабэлы Браніцкай будзе ўключана ў гарадскі бюджэт за 2018 год. Канчаткова справу вырашыла, паводле закону грамадскага бюджэта Бельска Падляшскага, жараб’ёўка. Два самы буйныя інвестыцыйныя праекты – гарадскі фантан ды шматфункцыйная пляцоўка для дзіцячай гульні – атрымалі па 986 галасоў кожны.

“Каштарыс нашаго фантана гэта 249 тыс. злотых,” – кажа адзін з двух ідэястваральнікаў праекта гарадскога фантана Тамаш Суліма:

– Ёсць пэўныя ідэі. Усё вырашыцца паміж ідэястваральнікамі, гэта Івона Колас і я, паміж намі і праектантам, чалавекам, які гэты праект створыць. Я бы хацеў, каб гэта было такое месца, якое спалучалася з тым, што ўжо ёсць. У цэнтральным месцы скверу знаходзіцца сонечны гадзіннык, хацелася б, каб неяк фігуратыўна фантан быў на яго падобны.

Сёлета памер грамадскага бюджэта складае 400 тыс. злотых: 300 тыс. на інвестыцыйныя праекты – тут апрача фантана ўвайшла таксама пабудова пляцоўкі для плажнага валейболу. Апошнае 100 тыс. прызначанае на мягкія праекты. Тут найбольш галасоў атрымалі: Фестываль “Пад пакровай Багародзіцы”, “Festyn Mikołajkowy”, цыкл спартовых мерапрыемстваў ды канцэрт калектыву “Arka Noego”.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара