У Бельску ўзнагародзілі работнікаў культуры з Кобрына



Начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Кобрынскага райвыканкама Надзеі Жук і дырэктару Кобрынскага Палаца культуры Валянціне Пакалюк нададзена званне “Сябар Бельскага дома культуры”.

“Узнагарода – гэта вынік супрацоўніцтва паміж Бельскам Падляшскім і Кобрынам. Нам вельмі прыемна”, – кажа Валянціна Пакалюк:

– Канешне не спадзяваліся, гэта вельмі прыемна, будзе сэнс працаваць разам з Бельскім домам культуры. Мы і так шчыльна супрацоўнічаем па розным напрамкам – мастацкім і музычным. Практычна ўсе калектывы былі ў нашым Палацы культуры, таму можа і па заслугах нам далі ўзнагароду.

Прызы ўручаліся ў час мерапрыемства арганізаванага Бельскім домам культуры “Бельскія мастацкія кліматы”. Гэта канцэрт-сустрэча калектываў, якія дзейнічаюць пры культурнай установе, у тым ліку і калектываў беларускай песні. Выступілі таксама шматлікія гурткі, у якіх вядуцца мастацкія заняткі.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара