У Дзень роднай мовы ў Беластоку гучалі беларускія вершы



Дэкламатарскі конкурс і размовы пра літаратуру – так адсвяткавалі Дзень роднай мовы ў Беластоку.

Сёлетнія святкаванні мелі міжнародны характар. Канкурсанты з розных краін даслалі свае ролікі з вершамі, некаторыя з якіх былі паказаныя падчас фіналу конкурса. Фіналісты выступілі перад самымі вядомымі сучаснымі беларускімі літаратарамі, такімі як Уладзімір Нікляеў, Уладзімір Арлоў ці Андрэй Хадановіч. У Беластоцкім Тэатры Лялек, дзе прайшло мерапрыемства, гучалі беларускія вершы – як класікаў, так і сучасных аўтараў.

– Я хацела выбраць прыгожы верш пра Беларусь. І знайшла вось гэты. Тым больш, што ён пра Мар’ю, а я Мар’я.

Павел Станкевіч, старшыня фонду «Тутака»: Так атрымалася, што людзі пачалі дасылаць ролікі на першы этап з розных куткоў свету, і мы вырашылі, што прыспешым нашыя планы, бо мы хацелі зрабіць міжнародны фармат у наступным годзе, а тут здарылася, што ўжо гэтым разам атрымаўся міжнародны конкурс.

Роберт Тышкевіч, дэпутат польскага Сейму: Гэта паказвае, як важна падтрымліваць і развіваць навукі на беларускай мове, ад дзіцячага садка да вышэйшай навучальнай установы.

У рамках Дня роднай мовы ўдзельнікі і госці фіналу пачулі таксама даклад пра сучасную беларускую літаратуру Андрэя Хадановіча, і адбылася сустрэча з рэпарцёркай, журналісткай „Нівы” Ганнай Кандрацюк-Свярубскай.

Праект рэалізоўваўся дзякуючы падтрымцы Міністэрства Унутраных спраў і Адміністрацыі Польшчы, а таксама пры фінансавай падтрымцы горада Беластока.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]