У Гайнаўку вярнуўся Міжнародны мастацкі пленэр разьбы па дрэве



Выставу разьбы па дрэве – вынік 15-га Міжнароднага мастацкага пленэру разьбы па дрэве ў Гайнаўцы – можна паглядзець у мясцовым доме культуры.

Гэта было першае такога кшталту мерапрыемства пасля 38-мі гадоў, але 15-ае па ліку. “Хочам з Віктарам Кабацам узнавіць традыцыю гайнаўскіх пленэраў,”  – кажа Уладзімір Муська:

Я памятаю тыя пленэры ў гадах 1963-1978. Гэта міжнародныя пленэры былі, у якіх удзельнічалі шматлікія прафесіянальныя выбітныя разьбяры. І наш намер – вярнуць і працягнуць гэтыя пленэры. Раней было 14 пленэраў, і гэты будзе 15-ты. А 38 гадоў не было іх увогуле.

У пленэры прымала ўдзел яшчэ двое скульптараў з Польшчы ды адзін з Беларусі. Выстава неўзабаве пераедзе ў Беласток у Галерэю Слендзінскіх. Рыхтуецца альбом пра гісторыю ўсіх гайнаўскіх пленэраў, а таксама ёсць ідэя стварыць у Гайнаўцы галерэю разьбы па дрэве.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара