У Гайнаўцы адбылася конкурсная частка фестывалю Акуджавы
Cпявачкі Гайнаўскага дома культуры сталі лаўрэатамі фестывалю імя Булата Акуджавы.
У Гайнаўскім доме культуры прайшла конкурсная частка Пятага Міжнароднага фестывалю паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера, надзея, каханне”. Сёлета, конкурсная камісія, у якой працавала таксама ўдава паэта Вольга Акуджава, выслухала 16 канкурсантаў, сярод якіх быў таксама прадстаўнік Беларусі Максім Іўкін.
Вынікі конкурсных праслухоўванняў падводзіць старшыня конкурснай камісіі спявачка і журналістка Яанна Равік:
– У гэтым годзе быў вельмі высокі ўзровень фестывалю. І ён створаны гаспадарамі фестывалю, то бок Гайнаўскім домам культуры, які мае якасную студыю песні. Гэты калектыў з васьмі дзяўчынаў проста выдатны, раней такога нічога не было, ніхто так не ўмее спяваць.
На першым месцы апынуліся – салістка Іза Карчэўская ды калектыў Студыі песні ГДК, трэцяе месца заваявала Юліта Ваврэшук – усе спявачкі з Гайнаўскага дома культуры. Студыю песні ГДК вядзе Марта Грэдэль-Іванюк. Беларус Максім Іўкін атрымаў вылучэнне.
Сёння, 8 чэрвеня, у гайнаўскім амфітэатры прайдзе гала-канцэрт Пятага Міжнароднага фестывалю паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера, надзея, каханне”. Пачатак а 18-й гадзіне.
[Not a valid template]
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
