У Гайнаўцы завяршыўся Марш выклятых жаўнераў (абноўлена)



“Буры – наш герой”,  “Ідзе новае пакаленне, нясе гораду адраджэнне” – гэта толькі некаторыя лозунгі, з якімі праз Гайнаўку прайшло  2 шэсці памяці выклятых жаўнераў. Нацыяналістаў, якія прыехалі з ўсёй Польшчы, сабралася каля сотні, неслі сцягі Радыкальна-нацыяналістычнага лагера “ОNR Podlasie”, “Narodowej Hajnówki” і, вядома, бел-чырвоныя сцягі.

– “Буры – наш герой”. Мы маем сваіх герояў і памятаем пра іх. І будзем надалей ушаноўваць іх. А тыя, што загінулі, кім былі? Яны былі калабарантамі.

Ля сценаў сабора Святой Тройцы, побач якога праходзіла шэсце нацыяналістаў, стаялі дэманстранты з “Анціфы” і “Грамадзяне РП”.

– Гэта сімвал мірнага пратэсту. Пратэстуем супраць прысваення фашыстамі, нацыяналістамі грамадскай прасторы. Калі выкляты жаўнер упершыню забіў цывільнага чалавека ці згвалціў жанчыну, ён становіцца выклятым бандытам.

Маршы нацыяналістаў і контрдэманстрацыі ахоўвала паліцыя. Было некалькі нязначных інцыдэнтаў, аднак ужо ў 19 гадзінаў на вуліцах Гайнаўкі было спакойна. Нацыяналісты заяўляюць, што гайнаўскі марш памяці выклятых жаўнераў стане цыклічным мерапрыемствам.

У Гайнаўцы завяршыўся Марш выклятых жаўнераў. Перадае наша карэспандэнтка Валя Лаеўская:

Закончыўся марш нацыяналістаў у Гайнаўцы, можна сказаць ён прайшоў спакойна. Крышку зменены быў шлях маршу, ён не прайшоў каля Сабору Святой Тройцы, толькі пайшлі крукам да Гарадской Управы. Пад час маршу нацыяналісты крычалі між іншым: „Буры – наш герой!”, „Армія выклента Гайнувкова!”,“Раз серпэм, раз млотэм – чэрвону голоту!” – гэты набор лозунгаў, які заўсёды гучыць у час іхных маршаў. Марш прайшоў спакойна, у ім ішло звыш 100 чалавек, 200 чалавек, думаю, напэўна не было, паліцыя не называе колькасці дэманстрантаў. Большасць з іх – гэта, вядома, людзі не з Гайнаўкі. Гайнаўскія кажуць, што мясцовых было не больш 20 чалавек. А цяпер яшчэ тут працягваецца дэманстрацыя антыфашыстаў і іншых, якія ў адказ на лозунгі ОНР-у крычаць, што Буры – не іх герой, „Затрымаць фашызм у Гайнаўцы!”. Звычайныя гайнаўцы побач былі і большасць з іх кажа, што прыехаўшыя радыкалы-нацыяналісты мелі на мэце пасварыць мясцовых людзей, праваслаўных і католікаў, але ніякая чужая сіла іх не пасварыць. Маленькія правакацыі былі, а ў цэлым усё спакойна. Шмат паліцыі, якая ўсё ахоўвае, усе гэтыя мітынгі.

***

“Раз серпэм, раз млотэм – чэрвону голоту!” – такім воклічам пачаўся  ў Гайнаўцы Другі марш выклятых жаўнераў, які ладзяць правыя сілы. Контраверсійнасць шэсця ў тым, што яго удзельнікі ў ліку герояў ушаноўваюць памяць Рамуальда Райса Бурага, адказнага за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Падляшшы ў 1946 годзе. 

Напомнім, што Інстытут нацыянальнай памяці ў свой час ацаніў дзеянні Рамуальда Райса “Бурага” як злачынства з прыкметамі генацыду.

***

У Гайнаўцы ў гэтыя хвіліны пачынаецца Другі марш выклятых жаўнераў, ладжаны правымі сіламі. Контраверсійнасць шэсця ў тым, што яго удзельнікі ў ліку герояў ушаноўваюць памяць Рамуальда Райса Бурага, адказнага за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Падляшшы ў 1946 годзе. Контр-маніфестацыю рыхтуе група Грамадзене РП, а таксама ў Гайнаўку едуць антыфашысты з усёй Польшчы, якія мелі пачаць сваю акцыю а 16-тай гадзіне польскага часу. 

У Гайнаўцы знаходзіцца нашая рэдакцыйная калега Валя Лаеўская:

Да гэтай пары на маніфестацыю, якая мела адбыцца ля Гарадской Управы ў Гайнаўцы, даехала каля 20 чалавек. Тыя, якія даехалі, гаварылі, што паліцыя спыняе машыны, правярае даволі дакладна ўсіх: і тых, каго яны называюць патрыётамі, і тыя машыны, якія едуць з антыфашыстоўскімі лозунгамі. Так што пакуль ля Гарадской управы стаіць каля 30 антыфашыстаў, і паліцыя, і журналісты. Мае адбыцца гэты галоўны марш, які мае выйсці з-пад касцёла і прайсці каля царквы. Вядома, што ля царквы будуць стаяць Грамадзяне РП, іх паводле заяваў павінна быць пад 40, а то і больш. Яны будуць стаяць мурам і будуць трымаць у руках белыя ружы, як яны кажуць, гэта іх пратэст супраць спробаў, як яны кажуць, фашызацыі грамадства, спробаў фашызацыі Гайнаўкі. Гэта іх супраціў, яны кажуць, што не прыехалі рабіць нейкі закалот, толькі хочуць паказаць, што ёсць грамадзяне Польшчы, якія ня згодныя з поглядамі, што дэманструюць арганізатары маршу ў памяць выклятых жаўнераў. Асабліва тады, калі адным з герояў гэтага маршу ёсць Рамуальд Райс-Буры.

***

У 17.00 у Гайнаўцы пачнецца Другі марш памяці выклятых жаўнераў. Сваю заяўку на пратэст супраць маршу падала група Грамадзяне Рэчы Паспалітай, якія будуць стаяць у 17.00 з белымі ружамі каля сабора Святой Тройцы, ствараючы свайго роду агароджу перад маніфестацыяй правых сілаў.

На 16.00 сваю акцыю пратэсту заявіла таксама Antifa – антыфашысцкі рух. У Гайнаўцы знаходзіцца наша рэдакцыйная калега Валя Лаеўская:

– Вуліцы Гайнаўкі пакуль што пустыя. У саборы Святой Тройцы прайшла служба, прысвечаная адпушчэнню правінаў. Служба пачалася ў 12:30, а не ў 17:00, як планавалася. Гэта зрабілі дзеля таго, каб вернікі свабодна маглі прыйсці і выйсці з царквы. Людзі ў Гайнаўцы, якія выходзілі з царквы, казалі, што яны супраць любых маршаў. Яны супраць таго, каб Гайнаўка станавілася цэнтрам для розных крайніх сілаў. На багаслужбу ў царкву прыехаў таксама дэпутат ад «Грамадзянскай платформы» Роберт Тышкевіч, які адзначыў, што Гайнаўка становіцца цэнтрам для розыгрышу крайніх палітычных сілаў. На багаслужбе былі і кіраўнікі самакіравання Гайнаўкі, якія адзначылі, што горад падрыхтавана да гэтых маршаў і гатовы гарантаваць бяспеку ўсім ўдзельнікам. Таксама яны заклікалі жыхароў заставацца дома, каб гэтыя маршы спакойна прайшлі і Гайнаўка зноў вярнулася да свайго нармальнага жыцця.

26 лютага некалькі соцень асобаў возьме удзел у другім Гайнаўскім маршы выклятых жаўнераў. У тым ліку яны хочуць ушанаваць памяць Рамуальда Райса “Бурага”, атрад якога ў 1946 годзе забіў 80 чалавек з беларускіх вёсак. Контрманіфестацыю рыхтуе група «Грамадзяне РП», а таксама ў Гайнаўку едуць антыфашысты з усёй Польшчы. Каментуе ўраджэнка Гайнаўкі, сацыёлаг Анна Мароз, аўтарка кнігі пра “Бурага”:

Я пытаюся, чаму людзі з Польшчы прыязджаюць сюды на гэтыя дзве маніфестацыі. З-за гэтага многія жыхары вымушаны будуць сядзець у сваіх дамах. Апрача гэтага, было запланавана набажэнства а 17.00. Я лічу, што гэта стварае разлад у жыцці жыхароў Гайнаўкі.

У Гайнаўскім саборы Святой Тройцы ў 11.30 пачнецца набажэнства аб прабачэнні вінаў. Яно папярэднічае Вялікаму посту і павінна было пачацца а 17-ай гадзіне. Але з увагі на тое, што ўвечары каля сабора пройдзе марш нацыяналістаў у гонар выклятых жаўнераў, пробашч царквы, айцец Міхал Нігерэвіч пастанавіў перанесці набажэнства з увагі на бяспеку і спакой сваіх прыхаджанаў.

Жыхарам Гайнаўкі не трэба хвалявацца. Паліцыя сочыць за сітуацыяй і абяцая забяспечыць парадак на вуліцах – запэўнілі нас у прэс-службе падляшскай паліцыі:

Увесь час маніторым гэтую справу. Вядома, будуць прыняты адпаведныя рашэнні, якіх будзе вымагаць сітуацыя. Гэта будзе залежыць ад інфармацыі, колькі прыедзе асобаў, ці ёсць небяспека і г.д. У выпадку, калі штосьці прадказвае нешта дрэннае, адразу будзе выклікана паліцыя, якая хутка з’явіцца на месцы. Пакуль ніякай пагрозы не бачым. Спадзяёмся, што ўсё будзе, як трэба.

Прыгадаем, што Інстытут нацыянальнай памяці ў свой час ацаніў дзеянні Рамуальда Райса “Бурага” як злачынства з прыкметамі генацыду. Антыфашысты плануюць свой збор а 16-ай гадзіне, нацыяналісты – а 17-ай гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя