У Гацьках абмеркавалі праблемы абшару Натура 2000



Пра асяроддзе размаўлялі ў Гацьках (што на Бельшчыне). Там прайшла інфармацыйная сустрэча, прысвечаная абшару Натура 2000, які прылягае да вёскі і да яе ваколіцаў. Падчас падзеі між іншым прэзентавалі вынікі манітарынгу стану біятопу з гэтай тэрыторыі.

„Даследаванні былі выкананыя ў днях 9-16 ліпеня 2016 года”, –  кажа Бэата Бэзубік з Рэгіянальнай дырэкцыі аховы асяроддзя ў Беластоку:

– У справе абшару ў Гацьках яшчэ шмат працы, але бачым, што паверхня абшару стабільная, не памяншаецца. Разам з тым ёсць патрэба ў далейшай ахове. На гэтым абшары для траваў найважнейшае з’яўляецца выпас быдла і касьба. Калі мы будзем надалей тую тэрыторыю ўпарадкаваць, то будзе ўсё ок. Але калі спынім тут касьбу і выпас быдла, то гэтая тэрыторыя прыйдзе ў занядбанне і згубіць свае прыродныя якасці.

Падчас сустрэчы вынікі сваёй працы на прыгацькоўскіх абшарах Натура 2000 прэзентавала таксама мясцовае Таварыства «Гай» і фонд «Зялёныя лёгкія Польшчы».

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара