У Кіеве адбыўся акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага
У Кіеве прайшоў акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага – лідара берасцейскага гурта “Дай Дарогу”.

Публіка пачула як улюблёныя хіты “Прыгай в коляску”, “Увольте”, “По синему”, так і нашумелую кампазіцыю “Баю бай”, кліп на якую ў жніўні 2021 года ў Беларусі прызналі экстрэмісцкім. На імпрэзе, акрамя сімпатыі аўдыторыі, артыст адчуў падтрымку і ад мясцовых музыкаў. Так, у Кіеве на сцэну разам з Юрыем упершыню выйшаў і ўкраінскі перкусіяніст. “Гэта быў файны досвед супрацы”, – зазначыў пасля мерапраемства лідар гурта “Дай Дарогу”.
– Бо я знаходжуся тут адзін, і ў мяне няма падтрымкі музыкаў, з якімі я быў у Берасці, таму я знаходжу нейкіх сесійных музыкаў, гэтым разам тут сыграў гукарэжысёр, які тут мясцовы. Я спытаў: ты ўмееш? Ён адказаў: так. І падхапіў за тры хвіліны. У Адэсе я знайшоў дзяўчыну, якая перкусіяністка, вулічны музыка. Я думаю, што можна так і надалей рабіць. Гэта наадварот цікава, такі джэм. Людзям нейкі вопыт і для мяне цікава.
Такія музычныя эксперыменты Юрый Стыльскі плануе працягнуць і надалей, у тым ліку і ў Львове, дзе адбудзецца наступны канцэрт артыста.
Беларускае Радыё Рацыя
