У консульства Беларусі ў Беластоку падчас выбараў забаронены ўваход з мабільным тэлефонам (абноўлена)



Каля 500 беларусаў стаяць у чарзе, якая выстраілася каля Генеральнага Консульства  Рэспублікі Беларусь ў Беластоку. Яны прыйшлі аддаць голас за свайго кандыдата ў прэзідэнты. На месцы знаходзіцца наш рэдакцыйны калега Улад Грынеўскі:

– Багата людзей сабралася ля Консульства Беларусі ў Беластоку. Аднак у консульстве працэс вельмі дрэнна арганізаваны, паколькі запускаюць толькі па дзве асобы, а адна кабінка для галасавання. І, адпаведна, зараз ужо сабралася каля 500 чалавек, якія чакаюць сваёй чаргі. Людзі, канешне, абураныя. Паколькі яны разумеюць, што гэта зроблена спецыяльна, каб людзі стаміліся і разышліся. Бо сапраўды, вельмі горача. Людзі падбадзёрваюць адны адных, самаарганізаваліся, прывозяць ваду. Гучыць пытанне – навошта рэжым Аляксандра Лукашэнкі здзекаваўся з нас 25 гадоў  і здзекуецца сёння ў дзень галасавання?!

Рэкордная колькасць грамадзянаў, што жадаюць узяць удзел у выбарах не паспрыяла павелічэнню колькасці кабінак для галасавання ў консульстве Рэспублікі Беларусь у Беластоку. Каля консульства з раніцы стаіць чарга выбарнікаў.

На тэрыторыю консульства грамадзянам Беларусі прапануецца ўваходзіць выключна па чарзе і ў масках. Аднак не толькі гэтым адметная сённяшняя выбарчая кампанія. У консульства забаронены ўваход з мабільным тэлефонам, асабістыя рэчы выбарнікам прапануецца пакінуць у спецыяльна адведзеным для гэтага месцы. А каля брамы консульства выбарнікаў сустракае валанцёр экзітпола Якуб Бык:

– У параўнанні з папярэднімі выбарамі ў мінулыя гады, зараз людзі праявілі ініцыятыву, і ёсць такая аперацыя як экзітпол. Людзі незалежна, ананімна апытваюць людзей для зверкі дадзеных з афіцыйным участкам для галасавання, плюс можна пацвердзіць свой голас праз інтэрнэт-платформу «Голас».

Павел:

– Прыехалі з Гданьска, хацелася б падтрымаць салідарнасць беларусаў, зрабіць усё, што можам. На жаль, не атрымалася прыехаць у Беларусь, хоць нешта зробім. За нашага кандыдата будзем аддаваць голас.

РР: Як павінен паступіць чалавек, які хоча, каб яго голас убачыў ягоны кандыдат?

– Ён ідзе на выбарчы ўчастак. Аддае свой голас, выходзіць, падыходзіць да валанцёраў экзітполаў, якія маюць унікальны аднаразовы код, атрымлівае яго. Пасля гэтага заходзіць ці ў Вайбер, ці ў Тэлеграм-бот «Голас», выбірае за каго галасаваў, пацвярджае свой нумар тэлефона, указвае, што ўжо быў на выбарчым участку, выбірае пункт «не ўдалося зрабіць фотаздымак», уводзіць унікальны код і выбірае ўчастак, на якім галасаваў у Беластоку.

Не выключана, што з мэтай галасавання ў Беласток прыедуць грамадзяне Беларусі з Варшавы. На выбарчай пляцоўцы ў сталіцы Польшчы надзвычай вялікія чэргі і маруднае абслугоўванне, а таму ўсе выбарнікі проста могуць не паспець прагаласаваць, паведаміў валанцёр экзітпола Якуб Бык.

Галасаванне працягнецца да 20 гадзіны па польскім часе. Нагадваем, што для галасавання грамадзянам Беларусі дастаткова мець пры сабе пашпарт, а каб увайсці на тэрыторыю консульства – маску.

Ганна Комінч. Беларускае Радыё Рацыя