У Кракаве адбыўся другі этап фестывалю „Прадмова”



Сёлета фестываль інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” ўпершыню адбываецца па-за межамі Беларусі.

Каардынатарам у Кракаве з’яўлялася Кацярына Іофе:

– Шчыра прызнаюся, што я раблю гэта ў першы раз, менавіта фестывальную арганізацыю. Яна ўвогуле адбылася, сам фестываль адбыўся дзякуючы Дамініцы Каспровіч. Дзякуючы таму, што ў нас была такая магчымасць замовіць гатэлі, арганізаваць лагістыку, каб былі таксі, каб была ежа, каб сапраўды можна было зарганізаваць людзей.

Агульны каардынатар фестывалю Павел Баркоўскі, пасля завяршэння тбіліскай і кракаўскай частак „Прадмовы”, адзначыў, што ўсе мерапрыемствы адбываюцца пры актыўным удзеле прадстаўнікоў беларускіх дыяспар:

– Ужо можна зрабіць выснову, што мерапрыемства атрымалася цікавым для беларусаў. Прыходзяць беларусы Тбілісі і Кракава. Людзі вельмі зацікаўленыя ў беларускіх кніжках, зацікаўлены ў беларускіх аўтарах, у беларускай культуры. Вось гэта дае надзею на тое, што ўсё, што намі робіцца на Радзіме і ў эміграцыі, мае сэнс і мае прынесці плён у будучыні.

Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” існуе з 2018 года. Летась фестываль не адбыўся. Сёлета арганізацыйны камітэт вырашыў ладзіць „Прадмову” па-за межамі Беларусі: у Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні. Палова фестывальнага шляху ўжо пройдзена. Да канца чэрвеня „Прадмова” наведае Варшаву і Вільню.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]