У Літве стварылі вайсковую базу каля беларускай мяжы



Узброеныя сілы Літвы стварылі базу аператыўнага рэагавання ў Друскеніках, што за 6 км ад мяжы з Гарадзенскім раёнам Беларусі. Пра гэта паведамілі Узброеныя сілы Літвы.

Яна патрэбная для таго, каб хучэй прыходзіць на дапамогу памежнікам. Базу арганізавалі на тэрыторыі прамысловай зоны. Там паставілі цёплыя намёты, зрабілі сталовую, санітарную зону, правялі электрычнасць і размясцілі вайсковую тэхніку. На базе жывуць і трэніруюцца жаўнеры.

Нагадаем, што ў Літве дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча ў 5-кіламетровай зоне да мяжы. Ён выкліканы патокам мігрантаў, якія з лета масава спрабуюць трапіць у Літву па-за пунктамі пропуску. Сёлета ў Літву трапілі больш за 4 тысячы мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Больш як 7 тысячам мігрантаў літоўскія памежнікі не далі трапіць у краіну. Літва і краіны Захаду лічаць, што арганізаваным наплывам мігрантаў Лукашэнка помсціць за ўжо ўведзеныя санкцыі, звязаныя з расправай з апазіцыяй, і называе гэта гібрыднай атакай рэжыму.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kariuomene.lt