У Міхалове прайшлі «Беларускія фольк-сустрэчы»



24 калектывы з Польшчы, Беларусі ды Літвы выступілі ў амфітэатры Міхалова ў час Беларускіх фольк-сустрэч.

Гэтае найбуйнейшае мерапрыемства ў культурным календары Міхалова ды адно з большых свят беларускай культуры на Падляшшы. Традыцыяй стала, што ў ім прымае ўдзел дэлегацыя з Ваўкавыска. Гэты горад супрацоўнічае з Міхаловам.

Кажа старшыня ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў Віталь Навіцкі:

—  Ваўкавыск і Міхайлова — гарады-пабрацімы з 2008 года. І штогод беларуская дэлегацыя ў розным складзе прыязджае сюды. Я сам асабіста 4 разы бачыў гэтае свята і мне гэтая імпрэза вельмі падабаецца, бо ўсё, што звязана з Белруссю, нашай беларускай супольнасцю за мяжой, калі папулярызуецца беларуская культура, гэта вельмі цудоўна, і імпрэза — цудоўная.

Зоркамі «Беларускіх фольк-сустрэч» былі калектывы з Беларусі: «Купалінка» і «Багач». У час фэсту таксама праводзіліся конкурсы на беларускамоўны верш пра мерапрыемства ды найцікавейшы праект кашулькі з беларускай сімволікай.  

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя