У Мілейчыцах на Падляшшы знайшлі некалькі дзясяткаў мацэваў



Некалькі дзясяткаў мацэваў, надмагілляў з габрэйскіх могілак, знайшлі ў вёсцы Мілейчыцы на Падляшшы. Знаходка была зроблена падчас руйнавання старога будынка стайні і падрыхтоўкі месца для іншай будоўлі. Ад часткі мацэваў засталіся фрагменты, але некаторыя захаваліся цалкам.

Кажа дырэктар гміннага асяродка культуры ў Мілейчыцах Моніка Балут:

– Гэтыя мацэвы былі знішчаныя фашыстамі падчас Другой сусветнай вайны. Быў знішчаны ўвесь кіркут у Мілейчыцах, а мацэвы немцы выкарысталі ў якасці будаўнічага матэрыялу для фундамента будынка стайні. Цяпер, падчас руйнавання гэтага фундамента, гэта былі працы на глыбіні каля аднаго метра, аказалася, што гэтых мацэваў значна больш, чым мы папярэдне меркавалі.

Цяпер далейшы лёс мацэваў вырашаць з дапамогай кансерватара каштоўнасцяў. Папярэдне іх плануецца вярнуць на месца старых габрэйскіх могілак у выглядзе адмысловай экспазіцыі – лапідарыя. Паводле гістарычных звестак, перад выбухам Другой сусветнай вайны ў Мілейчыцах сярод дзвюх тысяч жыхароў было 894 прадстаўнікі габрэйскай супольнасці. Мясцовыя габрэйскія могілкі, якія тут называюць кіркутам, паўсталі ў 1865 годзе.

[Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Моніка Балут