У Музеі гаспадаркі ў Цеханоўцу – „Беларускі народны абраз”



Абразы народных беларускіх мастакоў паказалі ў Музеі гаспадаркі ў Цеханоўцу. Выстава „Беларускі народны абраз” – гэта працы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя. Большасць з іх была знойдзеная на беларускім Палессі. Абразы вылучаюцца характэрнымі расліннымі арнаментамі.

Усе яны былі распісаныя народнымі майстрамі, – кажа дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Мінску Эдуард Багдановіч.

– Яны не ведалі царкоўных канонаў, але пісалі так, што ім пакланяліся, пакланяюцца і будзем пакланяцца. І перадаваць падрастаючаму пакаленню, каб ведалі, таму што, як у польскай, так і ў беларускай хаце абраз – гэта традыцыя, гэта жыццё, гэта сям’я. Без абраза немагчыма існаванне вясковай сям’і. Мы мусім перадаваць падрастаючаму пакаленню, што павінна так быць, не забывацца пра гэта.

Абразы паходзяць з калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Менску, які супрацоўнічае з Музеем гаспадаркі ў Цеханоўцу.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара