У Нарве паказалі фільм «Wnyki»



Родныя месцы на вялікім экране глядзелі ў Нарве. У Гмінным цэнтры культуры паказалі «Wnyki» —  фільм зняты летась на тэрыторыі Падляшша. Па сцэнарыі ды сюжэце стужка падобная да папулярнага польскага фільму «Знахар», які таксама здымалі на Беласточчыне. Шмат сцэнаў з фільму здымалі менавіта  на тэрыторыі Нарваўскай гміны. Гледачы – мясцовыя жыхары, наогул засталіся ў захапленні ад фільму:

— Нашы мясціны, наша мова, нашы ваколіцы.

— Нарэшце хтосьці належна ацаніў месца, дзе я жыву. Маленькае, але прыгожае.  

— У фільме мы таксама бачылі нашых знаёмых, якія былі статыстамі.

— Вельмі добра, што ўзяліся. Гэта рэклама для нас, для нашай гміны. А тым больш, калі ўбачаць далей у Польшчы.

У фільме «Wnyki»  акрамя вядомых польскіх акцёраў, якія раней выступілі ў «Знахары», зайгралі таксама прафесійныя акцёры з Бельска Падляшскага, Матэвуш Сахажэўскі ды Юліянна Дораш. Па словах ініцыятараў фільма Марэка Ўладзімірава, Матэвуша Сахажэўскага ды Тамаша Сулімы, у 2018 годзе яго пабачаць таксама жыхары іншых рэгіёнаў Польшчы.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя