У Новай Луцэ адзначылі 40-годдзе Семяноўскага вадасховішча



Адным свята – другім турбота: у Новай Луцэ адзначылі 40-годдзе Семяноўскага вадасховішча. Канферэнцыя прайшла пад загалоўкам „Спалучае нас вялікая вада”. Але справа Семяноўскага заліва не аб’ядноўвае, а дзеліць.

Нашчадкі перасяленцаў вёсак, знішчаных вадасховішчам, чакаюць звароту не залітых участкаў сваёй бацькаўшчыны, кажа Уладзіслаў Бірыцкі.

– Адна з першых спраў ужо дайшла да Варшавы.  Іншыя справы знаходзяцца на разглядзе беластоцкага ваяводы. Мы лічым, што нам мусяць вярнуць зямлю.

Прафесар Алег Латышонак:

– Я размаўляў са спецыялістамі ў маёмасных справах і зразумеў, што праўда на баку лучанаў, якія намагаюцца вяртання гэтай зямлі. Але гэта вырашыць суд.

Войт гміны Нараўка Мікалай Павільч:

– Заведзена некалькі спраў, таму трэба чакаць судовага рашэння.

У час канферэнцыі прайшла прамоцыя альбома „Вобраз, якога няма. Заліў Семяноўка” Александра Кардаша. Бабуля аўтара нарадзілася ў Болтрыках – вёсцы, зніклай пад вадой.

 

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара