У Новым Ляўкове пачаў працу літаратурны семінар “Бязмежжа”



У Новым Ляўкове што на Падляшшы пачаўся літаратурны семінар „Бязмежжа”. У ім удзельнічаюць пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы і журналісты з Беларусі і Польшчы. У час семінара прэзетуюць новыя выдавецтвы, фільмы, радыёрэпартажы, а таксама праводзяццца літаратурныя вечарыны ўдзельнікаў сустрэчы.

dsc05484

Па словах паэта і перакладчыка Віталя Рыжкова, семінар – гэта нагода пазнаёміць з тым, што з’яўляецца беларускім на Падляшшы.

– На памежжы без мяжы мы сустракаемся, і гэтая мова, якая  мае каларыт і пэўную магію, захоўваецца.

Віка Трэнас:

– Паслухаем, што адбывалася, што адбылося найлепшага за гэты год.

Арганізатар “Бязмежжа” Яўген Вапа:

– “Бязмежжа” – гэта падсумаванне года. Тут нашыя сябры з Менска прадстаўляюць самае цікавае, што здарылася цягам года ў літаратурным жыцці Беларусі.

Пісьменнік Віктар Стахвюк:

– Прыязджаючы сюды яны бачаць, што Бацькаўшчына расцягваецца і па-за межамі. Тут людзі жывуць, думаюць і пішуць па-беларуску. Мы – частка аднаго цела.

Сёлета на Падляшша прыехалі між іншым паэт Віталь Рыжкоў, бард Юры Несцярэнка, паэтэса Віка Трэнас ды літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч. Завяршэнне семінара ў нядзелю ў Беластоку, дзе падвядуць вынікі шаснаццатага літаратурнага конкурсу “Дэбют”.

* * *

Ужо 19-ы раз у Новым Ляўкове, што на Беласточчыне, сустракаюцца беларускія паэты, літаратары ды журналісты, каб абмеркаваць літаратурныя падзеі, якія адбыліся на працягу года. Там пачаўся трохдзённы літаратурны семінар “Бязмежжа”.

„Гэта незвычайнае месца і незвычайныя сустрэчы,” – кажа ўдзельніца семінару, беларуская пісьменніца Паліна Сцепаненка.

– Бязмежжа – гэта і сустрэча з людзьмі, сустрэча з прыродай, з Белавежскай пушчай, сустрэча з беларускім космасам. Яна адбываецца на мяжы , як раз там, дзе яднаюцца дзве часткі Белавежскай пушчы. Гэта незвычайнае месца. Белавежская пушча – яна для творчых асобаў, якім фактычна не хапае гэтага творчага паветра – ні ў сённяшняй Беларусі, ні ў Менску, ні ў іншых гарадах. Гэта глыток свежага паветра ў прамым, і ў пераносным сэнсе таксама.

Літаратурны семінар “Бязмежжа” арганізаваны праграмнай радай тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” і Беларускім Саюзам у Польшчы. Пры фінанансавай падтрымцы Міністэрства унутраных спраў Польшчы, Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства і войта Нараўчанскай гміны.

Радыё Рацыя традыцыйна трымае медыйны патранат мерапрыемства.

Беларускае Радыё Рацыя