У Орлі ўшануюць памяць ахвяраў Халакосту



У Орлі, што на Бельшчыне, ушануюць памяць ахвяраў Халакосту. Ужо традыцыйна 3-га лістапада, у гадавіну ліквідацыі арлянскага гета, на мясцовых габрэйскіх могілках будуць зачытаныя псалмы і прозвішчы закатаваных нацыстамі арлянскіх габрэяў.

У сакавіку 1942 года амаль дзве тысячы арлянскіх габрэяў сагналі ў гета, якое ліквідавалі 3-га лістапада. Паўтары тысячы габрэяў з Орлі спачатку перавялі ў гета ў Бельску Падляшскім, а пасля пазбавілі жыцця ў лагеры смерці ў Трэблінцы. Марыя Адзіевіч, калі мела 12 гадоў, была сведкай ліквідацыі арлянскага гета:

– Гета было агароджанае, і было яно побач з нашай хатай. І цягам усяго года стаялі ля яго немцы з вінтоўкамі. А калі гета стала перапоўненым, то пачалі людзей вывозіць. Як яны плакалі, як крычалі!.. Калі яны ўжо ішлі да той брамы, то стаялі ля яе з двух бакоў немцы. Дык яны аблізвалі заплечнікі ім. І тое было яшчэ да брамы…

Мерапрыемства па ўшанаванні памяці ахвяраў Халакосту з Орлі пачнецца  апоўдні паводле польскага часу на арлянскіх габрэйскіх могілках.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота radio.bialystok.pl

[manual_related_posts]