У Падляшскім ваяводстве пачынаецца адстрэл дзікоў



Іх пагалоўе ў рэгіёне будзе зніжана на 500 асоб. 24 сакавіка маршалак падляшскага ваяводства Мечыслаў Башко падпісаў адпаведную ўмову з паляўнічымі Супрасля і яшчэ 34-ма паляўніцкімі суполкамі Беластоцкага і Сакольскага паветаў.

Мечыслаў Башко спадзяецца, што скарачэнне папуляцыі дзіка дапаможа знізіць шкоду, якую ён наносіць сельскім гаспадаркам, а таксама дапаможа змагацца з афрыканскай чумой свіней:

Лічым, што асаблівых праблем не будзе. Напэўна, некаторыя паляўнічыя будуць мець цяжкасці з адшуканнем дзікоў. Але на 80% лічу, што будзе гэта выканана, каб пакрыўджаным сялянам зменшыць шкоды, якія прыносяць дзікі іх сельскагаспадарчым палеткам. Але, перадусім, найважнейшай нашай мэта з’яляецца змяншэнне небяспекі распаўсюду захворвання свіней афрыканскай чумой.

Адстрэл дзікоў будзе праводзіцца ў так званай „чырвонай зоне” – на тэрыторыях гмінаў Кузніца, Сакулка, Крынкі, Гарадок, Міхалова, Супрасль, Васількаў ды іншых. Ваяводства на адстрэл прызначыла 200 тысяч злотых, з якіх будуць выдаткоўвацца сродкі таксама на аналізы і ўтылізацыю хворых жывёлінаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя