Анджэй Дуда сустрэўся з беларусамі ў Варшаве (абноўлена)



У святочнай атмасферы вечаровай Варшавы беларусаў прывітаў Прэзідэнт Польшчы разам з ганаровай госцяй, Святланай Ціханоўскай.

„Вы не проста госці, вы – нашы браты. Галоўная тэма, якую мы можам вам усім паказаць – гэта свабода і дэмакратыя. Іх могуць вяртаць у Беларусь толькі самы беларусы. І гэта нашае галоўнае віншаванне перад Калядамі”, – звярнуўся да прысутных Прэзідэнт. – „Жадаю вам усім вярнуцца ў Беларусь са свабодай і на свабоду”.

Далей слова ўзяла Святлана Ціханоўская, якая выступіла па-беларуску:
„Беларуссю кіруе групоўка злачынцаў, якая не мае права на ўладу. Польскі народ стаў блізкім беларусам на фоне палітычнага і міграцыйнага крызісу. „За нашу і вашу свабоду” – гэты лозунг ізноў ажыў. Бо пакуль несвабодная Беларусь – не вольная ўся Еўропа. А таму Польшча ўступіла ў сваю барацьбу, за якую прыміце падзяку ад беларускага народу. Усё што робіцца – робіцца для будучай свабоднай і шчаслівай Беларусі”.

Асобна Святлана Ціханоўская нагадала пра працяглыя палітычныя зняволенні Сяргея Ціханоўскага, Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. Прагучаў заклік не спыняць перапіскі з усімі палітзняволенымі.

Агулам на вечарыне прысутнічала каля 200 беларусаў. Гэта прадстаўнікі беларускай дыяспары і беларускія дзеячы, якія былі змушаны пакінуць Радзіму. Асобна прагучала падзяка Беларускаму Радыё Рацыя ды іншым СМІ.
На сустрэчы прагучаў таксама гімн „Магутны Божа”.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара і з сайту prezydent.pl