У Польшчы абмяркоўваюць справу Пшэмыслава Чарнэка



Ліст праваслаўных вернікаў мітрапаліту Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіепіскапу Саве, у справе ўганаравання люблінскага ваяводы Пшэмыслава Чарнэка ордэнам Марыі Магдалены, будзе разгледжаны на Саборы епіскапаў, які пройдзе восенню гэтага года.

Пшэмыслаў Чарнэк

Ліст апублікавала на Фэйсбуку адна з ініцыятарак збору подпісаў нязгодных з уганараваннем ваяводы найвышэйшым ордэнам Праваслаўнай царквы – пісьменніца Анэта Прымака:

– Мы выступаем, як праваслаўныя, якія бароняць традыцыі, бароняць нашу гісторыю. Наша царква не так нас падтрымлівае, як мы б хацелі, а яшчэ і атакуе. Час штосьці памяняць, каб вернікі таксама мелі нейкі ўплыў на тое, што адбываецца ў жыцці царквы.

Справа ўганаравання люблінскага ваяводы Пшэмыслава Чарнэка выклікала пратэст вялікай колькасці праваслаўных вернікаў Польшчы. Ён неаднаразова публічна аспрэчваў злачынствы польскага падполля ў дачыненні да праваслаўнага ўкраінскага насельніцтва, падчас апошніх урачыстасцяў па ўшанаванні ахвяраў Сагрыні назваў паніхіду небяспечнай правакацыяй.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя