У Польшчы былога сілавіка будуць судзіць за супрацу з КДБ Беларусі



У Польшчы будуць судзіць былога супрацоўніка сілавых органаў, якога вінавацяць у супрацы з беларускім КДБ. Справу перадалі ў Акруговы суд у Варшаве, паведамляе „Белсат” са спасылкай на польскія спецслужбы.

Гжэгажа М. затрымалі летась у  кастрычніку.  У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя ён служыў у спецназе польскай міліцыі ў гтзв.  ZOMO, пасля ў паліцыі. Завяршыў службу ў 2001 годзе ў якасці афіцэра памежнай службы. Цяпер яго  абвінавачваюць у супрацы з беларускім КДБ і спробе перадаць звесткі, раскрыццё якіх можа нанесці шкоду Польшчы. Таксама яму ставяць у віну захоўванне боепрыпасаў без неабходнага дазволу.

Гэта не адзіны выпадак затрымання ў Польшчы асобаў, якіх падазраюць у шпіянажы. У красавіку Служба вайсковай контрвыведкі Польшчы выявіла грамадзяніна Расеі, які 18 гадоў жыве ў Польшчы і мае свой бізнес. Таксама былі затрыманыя двое грамадзянаў Беларусі, якіх падазраюць у выведнай дзейнасці ў Польшчы на карысць беларускіх спецслужбаў.

Апрача таго, у Беластоку паводле абвінавачання ў шпіянажы на карысць замежнай выведкі затрымалі грамадзянаў Расеі і Беларусі.

Расеец і беларус шмат гадоў жылі ў Польшчы. Іх затрымала вайсковая паліцыя 21 і 22 красавіка. У высновах Службы вайсковай контрвыведкі сказана, што яны займаліся шпіёнскай дзейнасцю ў інтарэсах выведкі РФ.

Фота: gov.pl

[manual_related_posts]