У Польшчы на 4 гады асудзілі беларуса за шпіянаж
Акруговы суд Варшавы прыгаварыў да чатырох гадоў зняволення грамадзяніна Беларусі Юрыя Кійко, прызнанага вінаватым у шпіянажы супраць Польшчы. У ходзе судовага паседжання, якое прайшло напярэдадні, было агучана, што 35-гадовы беларус з 2009 года да моманту свайго арышту ў 2014 годзе здзяйсняў выведку польскіх ваенных аб’ектаў. Па звестках следства, ён перадаваў інфармацыю па мабільным тэлефоне афіцэру з Беларусі, ад якога таксама атрымліваў далейшыя распараджэнні. Беларусу пагражала 10 гадоў турмы, але суд прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення. Як адзначае гарадзенскі журналіст «Газеты выборчай» Андрэй Пачобут, з самага пачатку справа выглядала незвычайнай.
— Пра яго ўвогуле даведаліся, калі ў «Газеты выборчу» прыйшоў ягоны ліст з тлумачэннямі, што маўляў ён працаваў для «Вечернего Гродна», але яны абвяргаліся рэдакцыяй. Я размаўляў з галоўнай рэдактаркай і яна сказала, што па-першае, ён не пісаў нічога, а па-другое, яны яму не давалі ніякіх загадаў: ані рабіць фотарэпартажы, ані нешта пісаць. Газета ад яго адмовілася. Чалавек адслужыў ў спецназе ў брыгадзе ў Мар’інай Горцы, якая ў савецкі час была падпарадкавана ГРУ. Славутая брыгада, якая была сакрэтнай часткай. У беларускім войску яна ўваходзіць у сілы спецыяльных аперацыяў.
«Улічваючы, што справа была заведзена ў той час, калі пачыналіся вайсковыя падзеі ва Ўкраіне, прысуд нельга назваць занадта жорсткім», — выказаў меркаванне Андрэй Пачобут.
Абарона сцвярджае, што Юрык Кійко невінаваты і будзе падаваць апеляцыю. У лісце ў рэдакцыю польскай «Газеты Выборчай» беларус настойваў на тым, што з польскага цэнтру НАТА ў Быдгашчы, дзе яго затрымалі, ён хацеў зрабіць рэпартаж «пра канфрантацыю паміж Расеяй і НАТА, а таксама пра наступствы гэтага супрацьстаяння для Беларусі».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
