У Польшчы пачаліся экзамены на атэстат сталасці
З 9 раніцы абавязковым экзаменам па польскай мове на базавым ўзроўні пачаліся ў Польшчы экзамены на атэстат сталасці. На Падляшшы бяруць у іх удзел 12 тысяч выпускнікоў. У 14 гадзін ахвотныя пісалі экзамен на пашыраным узроўні.
У ІІ-ім Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім матурысты пасля экзамену былі поўнымі надзеі:
– Па-мойму было добра, і з польскай мовай усё окей. Цяпер буду рыхтавацца да ангельскай мовы, да гісторыі і да беларускай мовы.
– Пытанні былі лёгкія. Думаю, што гэта быў добры пачатак, і думаю, што так будзе і далей. Стрэс заўсёды ёсць. Гэта важныя экзамены, ад іх залежыць, дзе будзем вучыцца далей.
Экзамены на атэстат сталасці будуць доўжыцца да 24 траўня. У гэты дзень пройдуць экзамены па мовах нацыянальных меншасцей. Экзамен па беларускай мове ў белліцэі з’яўляецца абавязковым. Заўтра – матэматыка.
[Not a valid template]Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара