У Польшчы пачаўся новы навучальны год



У Падляшскім ваяводстве першы дзень школы адзначыла амаль 130 тысяч вучняў. Урачыста новы навучальны год прывіталі таксама ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы.

“У нашую школу прыйшло больш першакласнікаў, чым мы спадзяваліся,” – кажа дырэктар школы – Ігар Лукашук:

– Набор прайшоў вельмі добра. Гэта прыемная неспадзяванка. У гэтым годзе першакласнікаў будзем мець ажно 86 вучняў, так што маем тры вялікія поўныя аддзелы, якія, па праўдзе, пасля першага семестру можна сказаць, што і  перастаюць існаваць. Таму што спецыфіка навучання ў нашай школе такая, што потым вядзецца пашыранае навучанне, навучанне ў групах.

У новы год школа ўвайшла з рамонтам будынка, які атрымаў новую тэрмаізаляцыю. Кошт працаў – два мільёны злотых. Звонку, на сценах школы, з’явіліся тры вялікія лагатыпы, створаныя падляшскім дызайнерам Юркам Асеннікам. Лагатыпы спалучаюць  традыцыйныя народныя сімвалы: маладосці, энергіі і прыгажосці.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара