У Польшчы пацвердзілі смерць мігранткі з Курдыстану



Пракуратура Гайнаўкі заўтра, 6 снежня, афіцыйна пачне следства па справе смерці жанчыны з Курдыстану ў шпіталі, куды трапіла з памежнай паласы, інфармуе Радыё Беласток. Пра пачатак следства расказаў кіраўнік пракуратуры Ян Андрэйчук.

Пракуратура атрымала інфармацыю пра смерць курдкі 3 снежня пасля 21-й гадзіны. Першай з чыноўнікаў факт смерці пацвердзіла прэс-сакратар Падляшскага аддзела Памежнай варты Катажына Здановіч.

Жанчыну з ірацкага Курдыстану адвезлі з Гайнаўкі ў шпіталь Беластока, каб правесці неабходныя даследаванні цела і высветліць дакладныя прычыны смерці. Пакуль абставінамі займаецца паліцыя, якая і перадасць пракуратуры ўсе дакументы і пратаколы апытання сведак. Таксама туды паступяць медычныя матэрыялы. Пакуль вядома, што жанчына разам са сваімі землякамі правяла пэўны час у памежнай паласе з боку Беларусі. Яна была цяжарнай, яе дзіця памерла. Жанчыну ў цяжкім стане даставілі ў шпіталь, а ненароджанае дзіця пахавалі ў Баброўніках на мусульманскіх могілках. У сям’і засталіся муж і пяцёра іншых дзяцей, якім зараз аказваюць псіхалагічную дапамогу. За ўвесь час міграцыйнага крызісу яго ахвярамі сталі ўжо найменш 17 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя