У Польшчы плануюць спрасціць выдачу карт пабыту замежнікам



Польскі ўрад плануе спрасціць і паскорыць працэдуру выдачы замежнікам карт пабыту — гэта дазвол на часовае пражыванне і працу ў краіне. Як піша the-warsaw.com, урад плануе прыняць папраўкі ў закон аб іншаземцах у трэцім квартале 2021 года.

Мяркуецца прыняць наступныя папраўкі: 

1. каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне і працу, не трэба будзе мець гарантаванае месца жыхарства і рэгулярную крыніцу даходу. Аднак прэтэндэнт павінен атрымліваць не менш за мінімальны заробак, незалежна ад працоўнага часу;

2. будзе ўведзены новы алгарытм змены карты пабыту пры змене працадаўцы альбо ў выпадку страты неабходнасці мець дазвол на працу;

3. пашырыцца спіс абставінаў, пры якіх не патрэбная змена карты пабыту;

4. атрыманне дазволу на часовае пражыванне і працу замежнікамі будзе паскоранае, калі гэтыя замежнікі працуюць у арганізацыях, якія маюць асаблівае стратэгічнае значэнне для польскай эканомікі.

Таксама запланавана:

1. захаваць 60-дзённы тэрмін для выдачы дазволу на часовае пражыванне ў першай інстанцыі. Час будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальных недахопаў у заяве, калі пры гэтым іншаземец асабіста з’явіўся і падаў усе неабходныя дакументы;

2. разгляд справы аб апеляцыі па пытаннях выдачы дазволу на часовае пражыванне будзе адбывацца на працягу 90 дзён;

3. органы, якія ўдзельнічаюць у выдачы карты пабыту, змогуць абменьвацца інфармацыяй з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі;

4. пры выдачы карты пабыту для работнікаў, чыя прафесія патрабуе высокай кваліфікацыі, сярэдні заробак будзе лічыцца за год, які папярэднічае падачы заявы, а не за год, які папярэднічаў заключэнню дамовы на выкананне работ;

5. будуць упарадкаваныя правілы па выдачы карты пабыту, калі іншаземец не падае заяву на дазвол асабіста;

6. прыняцце рашэння аб выдачы дазволу на пастаяннае жыхарства альбо на карту рэзідэнта ЕС будзе адбывацца на працягу 6 месяцаў. Тэрмін будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальнасцяў пры ўмове, што роэтэндэнт з’явіўся асабіста і падаў усе неабходныя дакументы.

Плануецца таксама ўвесці часовы рэгламент для спрошчанай працэдуры выдачы дазволу на часовае пражыванне і працу па справах, адкрытых да 1 студзеня 2021 года і не завершаных.