У Польшчы зачыняюць могілкі на восеньскія памінальныя святы



Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі паведаміў пра закрыццё могілак з 31 кастрычніка па 2 лістапада. 

– Традыцыя менш важная, чым жыццё. Устрымайцеся ад паездак, таксама за межы горада. Калі пандэмія не ўзмоцніцца, магчыма, можна будзе наведаць магілы ў другой палове лістапада, – адзначыў кіраўнік урада.

– Усе супрацоўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія не павінны выконваць стацыянарныя абавязкі, павінны працаваць дыстанцыйна. Гэта нарматыў на наступныя два тыдні. З панядзелка павінна быць максімальна магчымая колькасць людзей, якія працуюць дыстанцыйна, – сказаў Матэвуш Маравецкі.

Прэм’ер-міністр таксама заклікаў прадпрымальнікаў увесці дыстанцыйную працу. Урад таксама заклікаў людзей сталага веку абмежаваць перамяшчэнні.

– Сёння наш зварот прымае форму трывогі і вельмі цвёрда настроены на тое, каб усе пажылыя людзі маглі прабыць дома як мінімум на працягу наступных двух тыдняў, – сказаў прэм’ер-міністр.

Прэм’ер-міністр выказаў надзею, што ў канцы лістапада можна будзе паступова размарожваць асобныя сектары. Ён дадаў, што са студзеня Польшча атрымае вакцыну супраць COVID-19.

– А цяпер мы застаемся дома, – сказаў Матэвуш Маравецкі.

Беларускае Радыё Рацыя