У Польшчы зайграе “Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy”



Ужо ў нядзелю ў Польшчы зайграе “Wielka Orkiestra Świątecznej Pomocy”. На Падляшшы падчас канцэртаў у Беластоку, Бельску-Падляшскім ды Саколцы валанцёры будуць збіраць грошы на дапамогу хворым дзецям і пажылым людзям.

Сёлета, так як у мінулых гадах, паедзе адмысловы цягнік “Вялікага аркестра святочнай дапамогі”. Аднак у гэтым годзе не з Беластока ў Валілы, а з Чаромхі па часткова закрытай для пасажыраў лініі ў Цісоўку. Па словах каардынатара кампаніі па зборы сродкаў у Беластоку Марціна Адама Врубля, цягнік праедзе праз маляўнічыя тэрыторыі Белавежскай пушчы і сярэдзінаю Семяноўскага вадасховішча.

– На цягнік можна трапіць, даехаўшы іншымі цягнікамі з Беластоку, Варшавы ці Седльца. Трэба памятаць, што цягнік ідзе таксама праз Гайнаўку.

Цягнік стартуе роўна а 8-й гадзіне раніцы і вяртаецца ў Чаромху каля 13-й. Квіток на цягнік каштуе мінімум 40 злотых.

У 2016 годзе ў час агульнапольскага фінала „Wielkiej Orkiestry” арганізатары сабралі 73 мільёны злотых. За 25 гадоў сабрана 650 мільёнаў злотых. Сёлета валанцёры будуць таксама збіраць грошы ў 17-ці краінах свету, між іншым, у ЗША, Вялікабрытанні ды Літве.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток