У Польшчы змякчаюць каранцінныя меры



Польскі ўрад вырашыў змякчыць абмежаванні, звязаныя з барацьбой супраць эпідэміі каронавіруса. Змены на прэс-канферэнцыі абвясціў міністр аховы здароўя Адам Нядзельскі. 

У прыватнасці, з панядзелка ў 11 польскіх ваяводствах вучні 1-3 класаў вернуцца да гібрыднага навучання.

– Робім такія два выразныя крокі: па-першае, вяртаем навучанне ў 1-3 класах. Ва ўсіх гэтых 11 ваяводствах вяртаем навучанне ад бліжэйшага панядзелка, у гібрыднай сістэме. Па-другое, гэта датычыць сферы паслуг, у гэтых ваяводствах ад 26 красавіка вяртаем функцыянаванне салонаў прыгажосці, цырульняў і касметычных кабінетаў.

Выключэнне складаюць ваяводствы, дзе сітуацыя з каронавірусам яшчэ не дазваляе змякчыць абмежаванні. Гэта Дольнашлёнскае, Шлёнскае, Апольскае, Вялікапольскае і Лодзінскае ваяводствы.  

На прэс-канферэнцыі кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Адам Нядзельскі падкрэсліў, што колькасць заражэнняў каронавірусам у Польшчы сістэматычна памяншаецца, як паляпшаецца і  сітуацыя ў шпіталях.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя