У польскіх школах завяршыўся навучальны год



На Падляшшы летнія вакацыі пачаліся ў 133 тысяч вучняў. У школах прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы – былі ўручаныя ўзнагароды ды падведзены вынікі мінулага года.

Як кажа дырэктар Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы Ігар Лукашук, гэты год быў вельмі працавітым:

– Пра гэта сведчаць вынікі гімназічнага экзамена, а таксама шматлікія падзеі, якія адбываліся ў нашай школе. Сведчыць пра тое таксама падвядзенне еўразвязаўскага праекта, якое адбылося на мінулым тыдні, як і падвядзенне праекта „Бежанства”, у якім наша школа прымала ўдзел. Мінаючы год – гэта таксама шмат грамадска-культурніцкіх падзей, якія адбываліся ў нашай школе.

Летнія вакацыі працягнуцца да 3-га верасня.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя