У Познані адкрылася выстава, прысвечаная трагедыі ў Залешанах



На Падляшшы ў гэтыя дні ўзгадваюць трагедыю беларускіх вёсак у пасляваенны час. Так, 29 студзеня 1946 года ад рук аддзелу польскага ўзброенага падполля пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса (псеўданім Буры) загінулі 16 чалавек, у тым ліку жанчын і дзяцей. Менавіта Залешанам прысвечана выстава, якая адкрылася ў Познані ў галерэі “Арсенал”. Яе аўтары – выбітныя падляшскія творцы Лявон Тарасэвіч і Малгажата Дзмітрук.

Не здзіўляе, што галоўныя колеры прац – гэта белы і чорны, кажа фотамастак Павел Грэсь:

– У варыянце Лёніка падлога зроблена ў чорным колеры. Гэта першая яго праца, калі чорны колер дамінуе і кантрастуе з белым колерам сценаў, на якіх прадстаўлены розныя сцэны звязаныя з Залешанамі. Гэты адзіны чорны колер можна лічыць засохлай крывёй, якая страціла колер за 70 гадоў.

Павел Грэсь лічыць важным, што выстава пра Залешаны адкрылася ў Познані:

– Пра „Бурага” і пра гэту гісторыю ў Польшчы шмат гаворыцца. Я думаю, што час і месца адпаведныя, нават лепш, што гэта адбываецца ў Познані, а не на Беласточчыне. Ствараецца большая дыстанцыя да эмоцый людзей з крайнімі поглядамі, якіх многа на Беласточчыне, а ў Познані гэта выглядае па-іншаму.

Сярод удзельнікаў выставы „Залешаны”, акрамя Лявона Тарасэвіча і Малгажаты Дзмітрук, таксама Агнешка Арнольд – аўтарка фільму „Герой” пра Рамуальда Райса „Бурага”.

Выставу можна наведаць з 29 студзеня па 25 лютага ў гарадской галерэі “Арсенал” у Познані.

 

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Паўла Грэся