У праваслаўных хрысціянаў сёння Вялікі Чацвер



У гэты дзень успамінаецца ўстанаўленне Хрыстом падчас Апошняй Вячэры сакрамэнтаў Святарства і Эўхарыстыі, – кажа айцец Анатоль Шыманюк, прэс-сакратар Беластоцка-Гданскай епархіі.

– Хрыстос узяў хлеб, віно і сказаў – гэта тварыце маё ўспамінанне. І па сённяшні дзень у праваслаўнай царкве здзяйсняецца святая эўхарыстыя, як выпаўненне запавядзі Хрыстовай, каб тварыць гэта на яго успамін.

Як дадае айцец Анатоль Шыманюк, у чацвер увечары адпраўляецца багаслужба, на якой чытаецца дванаццаць фрагментаў Евангелля. У час чытання паасобных частак вернікі паляць свечкі, а пазней нясуць іх у хату.

– Гэта нашая народная пабожнасць, якую нельга адкідаць. А людзі нясуць з верай, што Хрыстос, які пакутуе, які прымае крыжовую смерць, ён таксама ахоўвае і нашыя дамы, і нашае жыллё, дзе мы жывем.

У Вялікі Чацвер у праваслаўных хрысціянаў адбываецца таксама падрыхтоўка святых дароў для прычашчэння хворых і тых, хто не ў стане сам прыйсці ў храм. У гэты выключны дзень рыхтуецца таксама Міра, пахучы алей, які выкарыстоўваецца між іншым і ў час хрышчэння.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя