У праваслаўных свята Спаслання Духа Святога



Праваслаўная царква сёння адзначае трэці дзень Тройцы – свята Спаслання Духа Святога.

Вельмі ўрачыста гэтае свята адзначаецца ва ўрочышчы “Крыначка” каля Гайнаўкі на Падляшшы, куды сотні вернікаў традыцыйна прыходзяць з малітвай і верай.

Гісторыя крыніцы з цудадзейнай вадой – крыначкі, якая знаходзіцца ў Белавежскай пушчы, адносіцца да 13-га стагоддзя, яна звязаная з існаваннем у гэтым месцы невялікага манастыра, які стварылі манахі, што ўцякалі ад татараў.

Іншае паданне кажа, што ў гэтым месцы цудоўна аб’явілася ікона Маці Божай на адным з дрэваў.

На працягу некалькіх стагоддзяў цудоўнае месца было вядома толькі мясцоваму насельніцтву. З цягам часу яго слава прыцягвала ўсё больш паломнікаў.

У 1848 годзе быў пабудаваны драўляны праваслаўны храм святых братоў Кузьмы і Дзямьяна. Пілігрымы ў Крыначцы паводле традыцыі праціраюць вільготнай хустачкай хворыя месцы і пакідаюць хустачкі на агароджы і дрэвах, сімвалічна пазбаўляючыся ад хваробаў.

Беларускае Радыё Рацыя