У Сейме Польшчы прайшло таемнае пасяджэнне па сітуацыі на мяжы з Беларуссю
У Сейме Польшчы прайшло таемнае пасяджэнне камітэта па пытаннях адміністрацыі і ўнутраных спраў, чальцы якога азнаёміліся з інфармацыяй кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны і Міністэрства замежных спраў Польшчы на тэму сітуацыі на польска-беларускай мяжы, перадае «Радыё Польшча».
«Падалі дэпутатам шэраг сакрэтных звестак, якiя абгрунтоўваюць рашэнні», – заявіў кіраўнік МУС Польшчы Марыюш Каміньскі па выніках пасяджэння. Кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў таксама станоўча ацаніў увядзенне на мяжы з Беларуссю рэжыму надзвычайнага становішча, якое, паводле яго слоў, дазваляе эфектыўна працаваць польскай памежнай службе, вайскоўцам і паліцыі.
Пры гэтым Марыюш Каміньскі адзначыў, што «надзвычайнае становішча давядзецца падоўжыць, калі памежны крызіс працягнецца».
Нагадаем, 6 верасня, Сейм Польшчы ўхваліў указ прэзідэнта Анджэя Дуды аб увядзенні надзвычайнага становішча ў памежнай зоне з Беларуссю.
Фота: Marcin Obara /PAP
