У Сейме ўшанавалі памяць Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі»



Маршалак Сейму Эльжбета Вітэк падчас сённяшняга паседжання заклікала ўшанаваць хвілінай маўчання памяць маёра Зыгмунта Шэндзеляжа, мянушка «Лупашка». Вялікая частка Сейма адгукнулася воклічам, дэпутаты ад левых сілаў і частка Грамадзянскай платформы выказалі абурэнне:

-71 год таму ў макатоўскай турме быў забіты Зыгмунт Шэндзеляж «Лупашка» – камандзір 5-й Віленскай брыгады Арміі Краёвай. Разам з ім камуністы забілі трох іншых афіцэраў – таварышаў па зброі – падпалкоўніка Антонія Аляхновіча, псеўданім «Пагарэцкі», падпаручніка Люцыяна Мінкевіча, псеўданім „Віктар” і капітана Генрыка Бароўскага, псеўданім „Чмель”. Ушануем іх памяць хвілінай маўчання.

Сёння спаўняецца 71-я гадавіна выканання смяротнага прысуду над Лупашкам, прыгаворанага да смерці судом Народнай Польшчы. «На сумленні „Лупашкі” злачынствы ў Дубінках, дзе яго салдаты закатавалі жанчын і дзяцей. Гэта не геройства змагання, гэта агіднае злачынства”, – пракаментаваў ў твітэры адзін з лідараў левых сілаў у Сейме Адрыян Зандбэрг.

Нагадаю, што на Падляшшы аддзел Зыгмунта Шэндзеляжа „Лупашкі” ў траўні 1945 году спаліў вёскі Вілюкі і Патоку, а таксама здзейсніў забойствы ў Нараўцы, сярод расстраляных быў і настаўнік беларускай мовы Аляксандр Ваўкавыцкі. У Беластоку адна з вуліц па ініцыятыве радных ад Права і справядлівасці названая ў гонар Лупашкі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: s-trojmiasto.pl

[manual_related_posts]