У Супраслі адкрылася мемарыяльная зала архіепіскапа Мірона



Літургічнае адзенне, мундзіры, баявыя ўзнагароды, а таксама такія асабістыя рэчы, як акуляры ці аўтаручка. Экспанаты, звязаныя з асобай праваслаўнага архіепіскапа Мірона Хадакоўскага можна паглядзець у Супраслі. Тут адкрылася мемарыяльная зала іерарха і генерала Польскага войска, які загінуў у авіякатастрофе прэзідэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Мемарыяльную залу падрыхтавалі хрэсніца архіепіскапа Наталля і яе муж Міхал Гаўрылюкі. Па словах Наталлі Гаўрылюк, усе экспанаты паходзяць з прыватнай калекцыі ўладыкі Мірона.

Маем літургічнае адзенне, мундзіры, найпрыгажэйшыя панагіі, кніжкі, якія былі выдадзеныя пасля катастрофы, розныя адзначэнні, а таксама асабістыя рэчы: школьнае пасведчанне, пяро, акуляры, запанкі, зробленыя ім асабіста.

Мемарыяльная зала, прысвечаная архіепіскапу Мірону, адкрылася ў памяшканнях супрасльскага манастыра. Можна тут знайсці таксама многа прыватных і афіцыйных здымкаў уладыкі з усіх куткоў свету. Асвяшчэнне залы прайшло ў час свята Супрасльскай іконы Божай Маці.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара