У Супраслі адкрылася выстава беларускіх ікон



Іконы розных гадоў і веравызнанняў можна паглядзець з сённяшняга дня  ў Супрасльскай акадэміі. Тут адкрылася выстава “Брама веры”, якая прадстаўляе іконы ХІХ стагоддзя з тэрыторыі сённяшняй Беларусі.

На іконах выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, Бога і святых у спецыфічным “народным” стылі. Як кажа Барыс Лазука, дырэктар Музея старажытнай беларускай культуры, выстава паказвае шлях беларускай гісторыі, таму можна паглядзець розныя стылі напісання іконаў.

– Можна ўбачыць кананічныя праваслаўныя і каталіцкія абразы. А можна ўбачыць тыя абразы, якія нараджаліся не пад нейкім уціскам ці па волі царкоўных іерархаў, а ў асяроддзі простых людзей.

Разам з выставай іконаў у Супрасльскай акадэміі можна таксама пабачыць званы з тэрыторыі Захадняй Беларусі.

Выстава працуе ў памяшканні акадэміі пры Супрасльскім праваслаўным манастыры да 18 сакавіка.

 

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Супрасль

Фота аўтара