У Тэрэмісках паказалі спектакль пра габрэяў з Белавежы



У Тэатры ў стадоле, што ў вёсцы Тэрэміскі ў Белавежскай пушчы, прайшла прэм’ера спектаклю “Суседзі, якіх няма”. Гэта спектакль на аснове расповедаў старэйшых жыхароў Белавежы пра іх габрэйскіх суседзяў і супольнае жыццё перад вайной. Спектакль прадставіла група дзетак і моладзі з Белавежы “Вясковая дзятва”. Кажа рэжысёрка Яанна Троц:

У іх успамінах я шукала тое, што мне здавалася цікавым. З гэтых розных фрагментаў пачала будаваць сцэнар. Тут выступаюць дзеці, якім 9-15 гадоў. Таму я вырашыла, што тут не будзе мовы пра знішчэнне. Але метафара ёсць, і яна ў тым, што іх ужо няма.

Расповеды падчас сваёй працы над Віртуальным музеем гісторыі габрэяў у Белавежы сабрала і апрацавала Катажына Вінярская. 

Прэм’ера спектаклю “Суседзі, якіх няма” прайшла ў рамках чарговых Тэатральных сустрэчаў у Тэрэмісках. З увагі на вялікае зацікаўленне, спектакль паказалі ў гэты вечар двойчы. Цяпер ён будзе вандраваць па розных мясцовасцях Падляшша.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара