У цэнтры “Шчыты” паказалі, як рабіць выцінанку і здымаць кіно



Марэк Уладзіміраў, кінематаграфіст з Бельска-Падляшскага, правёў фільмовыя майстар-класы для вучняў Агульнаадукацыйнага ліцэя з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Моладзь мела нагоду паспрабаваць сябе ў ролі рэжысёра, аператара ці акцёра.

“Сустрэча адбылася ў нашым цэнтры ў Шчытах-Дзенцялове ў рамках цыкла “Традыцыя-Сучаснасць-Будучыня,” – распавёў старшыня Звязу ў карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры “Шчыты” Ігар Лукашук:

– Мы ставілі такую задачу, каб паказаць моладзі беларускую традыцыю, беларускую гісторыю, але таксама паказаць сучасны воблік беларускай культуры усялякай беларускай актыўнасці. Адбылася сустрэча з Маркам Уладзіміравым, які паказаў тое, што ён умее рабіць, навучаў, як можна гуляць з вобразам, з гукам, як можна рабіць фільм.

Перад фільмовымі, у Шчытах прайшлі майстар-класы па выцінанцы і традыцыйным саломапляценні. Вяла іх падляшская народная майстрыха Зоя Майстровіч.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара