У ваколіцах Заблудава спынілі нелегальную вытворчасць самагону
Супрацоўнікі Падляшскай падатковай адміністрацыі ліквідавалі самагонную фабрыку, якая працавала ў ваколіцах Заблудава, што ў Беластоцкім павеце.
Канфіскавана звыш 70 літраў нелегальнага алкаголю і абсталявання, якое выкарыстоўвалася для яго вытворчасці. Паведаміў прэс-сакратар падляшскіх мытнікаў Мацей Чарнецкі:
– Супрацоўнікі Падляшскай падатковай адміністрацыі наведалі адну з ферм у гміне Заблудаў. Яны падазравалі, што 49-гадовы мужчына, які жыў там, вырабляў незаконны алкаголь. Іх высновы пацвердзіліся. Падчас ператрусу маёмасці супрацоўнікі выявілі поўную лінію па вытворчасці алкаголю і больш за 70 літраў самагону моцнасцю ад 50 да 90 адсоткаў. Супрацоўнікі КАS узбудзілі супраць мужчыны крымінальную справу, рэквізаваўшы алкаголь разам з абсталяваннем для яго вытворчасці. Цяпер 49-гадовы мужчына адкажа ў судзе.
За незаконны выраб алкаголю мужчыне пагражае штраф, абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: podlaskie.kas.gov.pl