У Варшаве кнігу пра бежанства прызналі лепшым творам месяца



У польскай сталіцы ўзнагародзілі Анэту Прымака-Онішк, аўтарку кнігі «Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы». Кнігу падляшскай пісьменніцы прызналі лепшым выданнем месяца, а падчас уручэння ўзнагароды вітальнае слова прамовіў віцэ-прэзідэнт Варшавы Владзімеж Пашыньскі.

Сама аўтарка зазначае, што бежанства падчас Першай Сусветнай Вайны кранулася яе сям’і, і таму гэта не столькі гістарычная, колькі і асабістая аповесць:

— Гэта заўсёды была мая сямейная гісторыя, і я чула пра бежанства яшчэ ад маёй бабулі Надзі. Яна мне не расказвала, бо я была яшчэ надта малая, але яна гаварыла з суседкамі. Калі бабуля памерла мне было сем галоў і тая гісторыя кудысьці прапала. Калі я ўжо з’ехала спярша ў Беласток, а потым у Варшаву, ва ўніверсітэт, аказалася, што гэтая тэма не толькі мая сямейная. І вось неяк так гэта гісторыя не давала мне спакою. Яна «дамагалася», каб яе распавесці.   

Цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў клубе «Кнігара», што на Старым Рынку. Асаблівую адзнаку таксама атрымала выдавецтва «Чорнае», дзе была надрукавана кніга Анэты Прымака-Онішк.

2016-12-13_zavalnia_prymaka_fota-1

2016-12-13_zavalnia_prymaka_fota-2

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава