У Варшаве пратэставалі супраць арышту Пятра Маркелава
Свабоду Пятру Маркелаву! У Варшаве пад амбасадай Беларусі прайшоў пікет салідарнасці з актывістам. Пётр Маркелаў адбывае 14-дзённы арышт за патрабаванне пералічыць галасы на выбарчым участку. Падчас парламенцкае кампаніі актывіст быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутата Станіслава Шашка.
Удзельнікі пікету абураныя арыштам і ўмовамі ўтрымання актывіста:
Томэк Каладзейчук: Калега Пётра, студэнт. Маральны абавязак, калі хтосьці з маіх блізкіх затрыманы, то трэба пратэставаць супраць бяспраўных дзеянняў дзяржавы.
Агнешка Плонка: Каляжанка Пётра. Яго ўвязненне не адпавядае праўдзіваму праву і падставовым правам чалавека.
Антось: Хочуць запужаць, запужаць іншых, але Пятро працягне займацца той дзейнасцю, у якую верыць, ісці далей наперад і не баяцца нічога.
Удзельнікі пікету напісалі ліст пратэсту супраць пераследу Пятра Маркелава, аднак ніхто з амбасады не выйшаў яго забраць. Дакумент пакінулі ў паштовай скрынцы дыпламатычнай пляцоўкі.
Беларускае Радыё Рацыя
