У Варшаве ўшанавалі памяць Барыса Нямцова



Былы віцэ-прэм’ер, лідар апазіцыі і жорсткі апанент Пуціна. На Замкавым пляцы Варшавы сабраліся дзясяткі людзей, каб ушанаваць памяць Барыса Нямцова, забітага два гады таму недалёка ад Крамля. Апроч расейцаў і палякаў у жалобным мітынгу прынялі ўдзел беларусы. Дэпутат Сейма Польшчы Марцін Свянціцкі зазначыў, што памятае Барыса Нямцова як энергічнага палітыка, пазбаўленага расейскага шавінізму:

— Ён мог проціпаставіцца вайне ў Чачні, марнаванню грошай на зімнюю алімпіяду ў субтрапічным горадзе, проціпаставіцца нападу на Украіну. У ім не было ніякага расейскага шавінізму. Ён быў чалавек надзвычайных станоўчых якасцей, з надзвычайнай энергіяй. Сапраўдны лідар свабоднай Расеі, лідар апазіцыі.

Беларускі палітык Зміцер Бандарэнка выразіў смутак у сувязі з гадавінай забойства і дадаў, што Барыс Нямцоў быў перакананы ў еўрапейскай будучыні Беларусі:

— Яго не хапае шмат каму: у першую чаргу, вядома, у Расеі, але і Адам Міхнік пра гэта кажа, што яму не хапае, і мне не хапае. Мы размаўлялі, якім шляхам пойдзе Украіна, Расея Беларусь. Ён нам казаў: я вам, беларусам, зайздрошчу, бо ў вас еўрапейскі народ. Толькі калі Лукі, як ён казаў, не будзе, вы пойдзеце ў Еўропу. Я пытаў: а што з Расеяй? А ён адказваў, што на жаль расейскі народ не так часта выязджае за мяжу і можа нават Пуцін для іх надта ліберальны палітык.

Акцыя памяці Барыса Нямцова ў Варшаве была арганізавана асацыяцыяй «За свабодную Расею». Нагадаем, што следства дагэтуль «не знайшло» тых, хто замовіў забойства расейскага апазіцыйнага палітыка.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара