У вёсцы Зубры паміналі сваіх продкаў
Такую традыцыю завялі ўраджэнцы вёскі, якія некалі на закінутых ўжо старых могілках вырашылі паставіць крыж.
Ужо 14 гадоў у другую суботу жніўня нараджэнцы Зуброў і іх сем’і сустракаюцца найперш у царкве ў Мастаўлянах, пазней ля крыжа на старых могілках, кажа айцец Славамір Якімюк:
– Жыхары сяла Зубры адкрылі свае сэрцы тым, хто адышоў у іншасвет і тут пахаваны. З года ў год сустракаюцца, моляцца. Я служыў паніхіду за ўсіх памерлых.
– 14 год таму святой памяці Віктар Цівунчык гэта пачаў, крыж паставілі тут на могілках нашых зуброўскіх. Тут старажытныя могілкі.
– Зубры для нас вельмі важнае месца. Мы сказалі, каб усе помнілі, што ў другую суботу жніўня кожнага года будзем спатыкацца ў Зубрах. І так ёсць да сённяшняга дня. Хочаш добрых людзей знайсці – у Зубры прыедзь. Тут сапраўды найлепшы народ!
На ўрачыстасці ў Зубрах прысутнічала некалькі дзясяткаў людзей. Зубры – невялікая маляўнічая вёска ў Гарадоцкай гміне ля беларуска-польскай мяжы. Так як і большасць вёсак на Беласточчыне пусцее, аднак ураджэнцы Зуброў знайшлі спосаб, каб у вёску вярнуць жыццё, хаця б пры нагодзе такіх сустрэч…
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
