У Залешанах на афіцыйным узроўні ўшанавалі памяць бязвінных ахвяраў



Першы раз за апошнія 73 гады ў Залешанах на афіцыйным узроўні ўшанавалі памяць бязвінных ахвяраў аддзелу капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры). Каля сотні людзей прыехалі 29 студзеня ў Залешаны, каб пакланіцца гэтаму месцу, дзе 29 студзеня 1946 году загінула 16 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці, а вёска была дашчэнту спалена.

Цяпер урачыстасцям у Залешанах нададзены афіцыйны статус і яны стануць цыклічнымі, – гаворыць бургомістр Кляшчэляў Аляксандр Селшіцкі.

– Патрэбна гэтай урачыстасці надаць характар адміністрацыйны, каб сваякі людзей, якія тут згінулі, адчувалі, што польская дзяржава звяртае ўвагу на сваіх грамадзянаў.  

Саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Юры Калабухаў: Мы тут, таму што атрымалі запрашэнне на гэтае мерапрыемства. Таму што гэта вельмі важна для захавання памяці беларусаў Падляшша і беларусаў увогуле.

Генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Алла Фёдарава: Сёння мы тут, каб ушанаваць памяць гэтых людзей, якія былі беларусамі і якія былі праваслаўнымі. Сёння мы разам з жыхарамі вёскі Залешаны.

Аляксандр Селшіцкі: Маю надзею, што такое ніколі не паўторыцца. Аддалі свае жыцці толькі за тое, што былі трохі іншыя – у іншы спосаб верылі ў аднаго Бога і на іншай мове гаварылі.

Менавіта таму, што ўрачыстасцям нададзены афіцыйны статус, у Залешанах прысутнічалі і беларускія дыпламаты: саветнік пасольства Рэспублікі Беларусь Юры Калабухаў і генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Беластоку Алла Фёдарава. Да ўгодкаў быў прымеркаваны і вернісаж выставы “Наша Памяць”. 31 студзеня выстава будзе таксама прэзентавана ў Бельску Падляшскім падчас урачыстасцяў ушанавання памяці 30 вазакоў, закатаваных у лесе ля Пухалаў Старых таксама аддзелам капітана Рамуальда Райса.

[Not a valid template]

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя