У Залешанах плануюць абнавіць помнік загінулым жыхарам



Помнік, пастаўлены ў 60-х гадах мінулага стагоддзя ў цэнтры вёскі Залешаны загінулым жыхарам, будзе абноўлены.

Ініцыятарам абнаўлення з’яўляецца Марыюш Нічыпарук – нашчадак залешанскай сям’і, якая бадай найбольш пацярпела ў гэтай трагедыі. У планах абнаўлення помніка – захаваць арыгінал, нават шыльду, на якой 2 памылкі:

– Думаем памыць яго і абкласці гранітнымі пліткамі. Хочам захаваць тую арыгінальную шыльду з тымі памылкамі, адрамантаваць цокаль. Праўдападобна, зальем цокаль асобным фундаментам, які запоўніць шчыліны ў ім. Таксама хочам дадаць малую шыльду, на якой будзе змешчана інфармацыя, што помнік быў абноўлены, калі і кім, а таксама ўдакладненне, што на арыгінальнай шыльдзе ёсць 2 памылкі.

Помнік ў Залешанах быў урачыста адкрыты ў 1965 годзе. На памятнай дошцы змешчаны надпіс, што трагедыя ў Залешанах мела месца 19 студзеня 1946 года і што загінулі там 14 чалавек. Насамрэч трагедыя ў Залешанах мела месца 29 студзеня 1946 года і загінула там 16 чалавек. У той дзень аддзел польскага ўзброенага падполля пад камандваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры) пацыфікаваў вёску. Дзеянні Бурага Інстытут нацыянальнай памяці кваліфікаваў як злачынства з прыкметамі генацыду.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота wikipedia.org

[manual_related_posts]