Удзельнічаў у конкурсе – выйграй каляндар Беластоку на 2021 год



Прыгожыя здымкі Беластоку, а таксама даты самых важных святаў розных рэлігій можам знайсці ў насценным календары на 2021 год, які прапануюць гарадскія ўлады. Каляндар мае і свой лозунг, які гучыць #BiałystokTakBlisko.

Як кажа намеснік прэзідэнта горада Рафал Рудніцкі, выданне мае шматкультурны характар:

– Мы кожны год выдаём такі гарадскі каляндар накладам у адну тысячу асобнікаў, у якім пазначаныя дзяржаўныя святы, а таксама святы каталіцкія, праваслаўныя, яўрэйскія і мусульманскія. Гэта значыць святы ўсіх тых рэлігій, якія ў мінулым стваралі наш горад. У пачатку і ў канцы гэтага календара мы запрашаем на экскурсіі па горадзе на даўнейшым аўтобусе “ogórek” – адным з сімвалаў нашага горада. У сярэдзіне знойдзем фотаздымкі Беластоку, зробленыя пераважна з вышыні птушынага палёту.

У календары на 2021 год можна пабачыць Палац Браніцкіх, знакаміты мурал “Дзяўчынка з палівачкай”, Рынак Касцюшкі ды іншыя пазнавальныя месцы горада. Значная частка накладу трапіць асобам ды ўстановам, звязаным з прамоцыяй горада. Іншыя беластачане могуць сёння, 17 снежня, паўдзельнічаць у конкурсе на старонцы ў Facebooku – Odkryj Białystok, ды атрымаць каляндар у якасці ўзнагароды. Конкурс стартуе а 12-ай гадзіне, у ім будуць разыграныя 200 асобнікаў календара.

Беларускае Радыё Рацыя