Украіна спрасціла парадак атрымання віду на жыхарства для некаторых беларусаў



Украіна спрасціла парадак атрымання віду на часовае жыхарства для некаторых беларускіх грамадзян. Скарыстацца гэтым парадкам змогуць толькі тыя беларусы, якія з’яўляюцца прадпрымальнікамі або высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій і інавацый ды адмыслоўцамі, якіх «востра патрабуе эканоміка Украіны,» — менавіта так сфармулявана ва ўрадавай пастанове.

Прапануецца, што такія асобы і чальцы іхных сем’яў адначасова з дазволам на іміграцыю могуць падаваць заявы на від на жыхарства. Апроч таго, працэдура разгляду па атрыманні такіх відаў на жыхарства будзе ажыццяўляцца ў скарочаны тэрмін за тры працоўныя дні. Такі парадак будзе працаваць да канца будучага году.

Вядома, што на мінулым тыдні грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ва Украіне ўжо больш за 90 дазволеных заканадаўствам дзён, пікетавалі Офіс прэзідэнта з заклікам спрасціць парадак атрымання віду на жыхарства, каб яны маглі працаўладкавацца. Адсутнасць спрошчанай сістэмы легалізацыі ва Украіне прымушае большасць беларусаў выязджаць далей у Еўропу. Найчасцей ужо на ўкраінскай тэрыторыі яны звяртаюцца ў консульствы Літвы ці Польшчы па атрыманне гуманітарных візаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Reuters